Пост з навіной пра 70 збеглых украінскіх музыкаў аўтары тэлеграм-каналу «Шкварка News» апублікавалі 17 чэрвеня 2024 года і распавялі сваю версію акалічнасцяў ад'езду аркестра з Украіны.
«Аркестр, у складзе якога дзве траціны мужчыны мабілізацыйнага ўзросту, выехаў для ўдзелу ў фестывалі, але не вярнуўся. Улады гораду Манхайм-на-Рэйне ў зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія, далі жыллё ўдзельнікам аркестру і чальцам іх сем'яў на тры гады.
Такога масавага ўцёку не было нават у гісторыі СССР, які бандэраўскія прапагандысты таўруюць таталітарным канцлагерам», — напісалі аўтары каналу і прымацавалі скрыншот артыкулу Deutsche Welle пра гэты выпадак.
Нямецкая прэса сапраўды пісала пра ўкраінскі аркестр, музыкам якога далі магчымасць жыць у Манхайме-на-Рэйне тры гады.
Каманда Weekly Top Fake спытала ў дырэктара аркестра, ці прасілі музыкі ў Нямеччыне прытулку. З атрыманага адказу вынікае, што, па-першае, яны з'ехалі ў тур з канцэртамі па Нямеччыне яшчэ 11 красавіка 2022 года, то бок адразу пасля пачатку поўнамаштабнай вайны.
Па-другое, да гэтага рэпетыцыйная база аркестра знаходзілася ў канцэртнай зале будынку Кіеўскай абласной адміністрацыі. Паколькі ён з'яўляецца патэнцыйнай цэллю для бамбавання, музыкі былі вымушаныя адтуль эвакуявацца з усімі каштоўнымі інструментамі. Сваёй пляцоўкі ў іх не стала.
Па-трэцяе, Уладзімір Зяленскі распарадзіўся шукаць шляхі адкрыцця «культурнага фронту Украіны за мяжой». Менавіта пасля гэтага аркестр адправіўся ў тур.
Па-чацвёртае, аркестр не прасіў палітычнага прытулку ў Нямеччыне. За мяжой ён знаходзіцца па ўзгадненні з Міністэрствам культуры Украіны. На момант публікацыі музыкі знаходзяцца ў горадзе Гера, а ў ліпені пераедуць у іншы, дзе будуецца вялікая і сучасная канцэртная зала, але няма ўласнага аркестра-рэзідэнта.