Расследаванні

24 мая 2022

Як трансфармуюцца сумнеўныя схемы з удзелам алігархаў і ўладаў

Нягледзячы на цяжкія санкцыі, бізнесмены Лукашэнкі працягваюць ствараць новыя бізнес-праекты і атрымліваць льготы ад дзяржавы

За мінулы год Беларускі расследавальніцкі цэнтр расказаў аб розных сумнеўных схемах, якія выкарыстоўвалі звязаныя з уладамі бізнесоўцы для атрымання прыбытку. Адныя толькі гісторыі з прыкметамі карупцыі можна ацаніць у мільярд долараў. Пры гэтым у 2021– 2022 гадах многія з алігархаў трапілі пад заходнія санкцыі, што павінна было паменшыць іх запал. Але, як высветлілі нашыя расследаванні, частка схемаў трансфармаваліся і працягваюць спусташаць бюджэт і гаманцы беларусаў.

Самы свежы прыклад – гэта праекты Сяргея Цяцерына. 

Крыніца: https://www.belta.by/

Некалі ён быў асабістым трэнерам Лукашэнкі па тэнісе і высокапастаўленым спартовым функцыянерам. Але ўжо каля 7 год займаецца бізнэсам. Да нас у рукі патрапіла перапіска, з якой вынікае, што Цяцерын, сярод іншага, атрымаў манаполію на пастаўкі гарбаты і кавы ў дзяржаўную сетку крам «Белкаапсаюза». 

Акрамя таго, яго кампанія «прымусова» апрацоўвала скуркі, прычым па такім высокім кошце, што кіраўнікі «Белкаапсаюзу» пачалі на яго скардзіцца ў адпаведныя дзяржорганы.

У чэрвені 2021 года Сяргей Цяцерын патрапіў у так званы чацвёрты пакет санкцыяў ЕЗ. Незадоўга да гэтага ён прапанаваў Лукашэнку праводзіць абавязковую платную дэзінфекцыю машынаў на пунктах пропуску праз дзяржмяжу Беларусі. Спачатку Цяцерыну дазволілі рэалізаваць задумку ў якасці эксперыменту на адным пагранпераходзе. Аднак у красавіку 2022 года Лукашэнка дазволіў «БелГлобалГаранту» весці гэты бізнес на ўсіх пунктах пропуску. Праўда, да таго моманту фірма Цяцерына была перададзеная расейскай кампаніі. Бізнэсовец адмовіўся патлумачыць матывы такога рашэння.

Зрэшты, па выніках сезону расследаванняў можна сказаць, што зараз Аляксей Алексін – адна з цэнтральных фігураў, якіх прынята адносіць да гаманцоў Лукашэнкі. 

Фота: ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» / Дзмітрый Брушко

Ён разам з Мікалаем Вараб'ём і Аляксандрам Зайцавым быў сярод уладальнікаў найбуйнейшага афшору ў Беларусі – асаблівай эканамічнай зоны «Брэміна-Орша». 

Куратарам праекту Лукашэнка прызначыў свайго старэйшага сына Віктара, у якога раней памочнікам у Савеце Бяспекі працаваў Зайцаў. Улетку 2021 года «Брэміна груп» трапіла пад заходнія санкцыі якраз праз блізкасць яе ўладальнікаў да ўладаў. Яшчэ раней Алексін, Варабей і Зайцаў трапілі пад санкцыі Захаду і пачалі перапісваць свае актывы на дзяцей ці супрацоўнікаў. Такім чынам з-пад абмежаванняў вывелі фірмы «Рузэскпедыцыя» і «Улатэ Лагістык», 

а таксама «Абсалютбанк» і «МТБанк». Мытныя функцыі «Брэміна Орша» ўзяла на сябе фірма «Аліс-Ма».

Падчас расследаванняў таксама высветлілася, што Алексін праз свайго сына мог мець дачыненне да аднаго з найбуйнейшых беларускіх казіно — «Шангры Ла», а восенню 2018 года падарыў Службе бяспекі прэзідэнта 9 дарагіх і рарытэтных аўтамабіляў і матацыклаў на агульную суму ў 1,2 млн долараў. 

Да чаго такая шчодрасць? У 2018 годзе алексінаўская кампанія «Энерга-Оіл» атрымала права ўвозіць імпартныя цыгарэты, стала адзіным аператарам продажу цыгарэтаў тытунёвай фабрыкі «Нёман», пачала будаваць тытунёвую фабрыку пад Менскам і ствараць раздробную сетку «Табакерка».

Пасля ўвядзення санкцыяў плюшкі для бізнэсаў, звязаных з Алексіным, не скончыліся. У СМІ з'явілася інфармацыя, што ў Беларусі хочуць абмежаваць аптовы і раздробны гандаль цыгарэтамі. Але «Табакерак» забарона не закране.

Мікалай Варабей 

Фота: ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ»

атрымаў поспех у гісторыі з пастаўкамі беларускіх нафтапрадуктаў у абыход санкцыяў Еўразвязу на паўмільярда еўра. Ён разам са сваім эстонскім партнёрам Аляксеем Чульцом арганізаваў схему, 

якая заключалася ў тым, што замест нафтапрадуктаў пад кодам 2710, экспарт якіх забаронены, бізнесоўцы пачалі прадаваць у ЕЗ вялікія аб'ёмы так званых «араматычных вуглевадародаў» з мытным кодам 2707, які не падпадаў пад санкцыі. 

У рэчаіснасці, грань паміж імі настолькі тонкая, што можна лёгка выдаць адзін прадукт за іншы. 

Неўзабаве пасля выхаду нашага расследавання эстонскі ўрад увёў дадатковыя нацыянальныя санкцыі супраць Беларусі і прыпыніў транзіт гэтых нафтапрадуктаў. А пасля пачатку ўварвання Расіі ва Украіну, Беларусь як саюзнік агрэсара, атрымала практычна поўную забарону на пастаўку сваіх нафтапрадуктаў. Цяпер, па паведамленнях СМІ, беларускія НПЗ працуюць на палову магутнасці, амаль пад завязку запоўнілі склады і ратуюцца ад прастою рамонтамі.

Пад заходнімі санкцыямі апынуўся і іншы буйны перапрацоўшчык нафты ў Беларусі – расейскі мільянер Міхаіл Гуцэрыеў. Яго пад манастыр падвяло сяброўства з Лукашэнкам.

Крыніца: https://sputnik.by/  

За мінулы час частка яго праектаў, напрыклад, будаўніцтва калійнага камбінату ў Беларусі, пацярпела ад санкцыяў, але, як выявіла нашае расследаванне, сумесна з Цэнтрам вывучэння карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP, міжнароднай арганізацыяй Transparency International і брытанскім выданнем The Guardian, ільвіную долю маёмасці ён усё ж змог захаваць. Ён перадаў ва ўласнасць шэраг сваіх кампаній роднаму брату Саіт-Саламу, 

а нерухомасць у Лондане на 200 млн долараў аказалася запісаная на кампаніі звязаныя з яго сынам Саідам. 

Фота: Уладзіслаў Шаціла / РБК

Ці адбяруць у сям'і Гуцэрыева гэтую іх нерухомасць, брытанскі МЗС пакуль не каментуе.

У гэтым годзе мы высветлілі, што Лукашэнка любіць раздаваць падарункі за кошт бюджэту спартсменам-улюбёнцам, але не толькі тым, хто актыўна выступае на спаборніцтвах за краіну, а яшчэ і тым, хто гуляе з ім асабіста ў хакей. Чарговы такі падарунак дастаўся кампаніі, звязанай з Сяргеем Шыткоўскім, які выступае за аматарскую каманду прэзідэнта. Лукашэнка дазволіў бясплатна выдзеліць гэтаму хакеісту пад жылую забудову тры ўчасткі рынкавым коштам каля 24 мільёнаў долараў. Узамен кампанія Шыткоўскага павінна пабудаваць для дзяржавы лыжны манеж за 13 мільёнаў долараў.

Гэта значыць сябар Лукашэнкі пазбег выдаткаў як мінімум на 10 мільёнаў долараў.

Між тым, як паказалі нашыя расследаванні, сумнеўныя схемы часта вядуць да высокапастаўленых сілавікоў, якія павінныя з імі змагацца.

Брат цяперашняга генпракурора Беларусі Алег Швед

узначальвае буйнога вытворцу медычнай тэхнікі – дзяржпрадпрыемства Медтэхнацэнтр. Яго яшчэ называюць адной з вядучых імпартазамяшчальных вытворчасцей у краіне. Але, як мы высветлілі, як мінімум частка вытворчасці, насамрэч, гэта імпарт амаль гатовых вырабаў па-за мяжы. 

Алег Швед у зняважлівай форме адмовіў расследавальнікам у просьбе аб каментары. 

Аднак расследаванне не прайшло бясследна. У пачатку лютага 2022 года на чарговым паседжанні Савета бяспекі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што генпракурора Шведа ўжо «пачалі паласкаць».

Нядаўна мы распавялі гісторыю пра малавядомую прыватную клініку «Мерсі», 

Крыніца: https://blizko.by/ 

якая апынулася ў фаворы на фоне затрымання 35 лекараў-артапедаў і пазбаўлення ліцэнзій папулярных клінік «Лодэ» і «А1», а таксама прэтэнзій сілавікоў да «Нардзіна». Яе ўладальнікі 

былі партнёрамі вышэйзгаданых Алексіна і Зайцава, 

а таксама сына Пятра Пракаповіча – былога кіраўніка Нацбанка Беларусі. 

Праблема ў тым, што «Мерсі» засталася адзіным ў Беларусі медцэнтрам, дзе можна паставіць пацыенту, які пакутуе ад болю, якасны імпартны эндапратэз тазасцегнавага сустава. Вось толькі такая аперацыя абыдзецца не ў 3 тысячы долараў, як у дзяржаўнай лякарні, а ад 6,5 да 8 тысяч. На «гарачай лініі» ў Міністэрстве аховы здароўя адказалі, што не чулі пра высокія кошты ў «Мерсі». 

Не абышлі расследавальнікі бокам сумнеўныя схемы і ў сектары высокіх тэхналогіяў, а менавіта – мабільнага інтэрнэту 4G. Замест таго, каб распрадаць правы на будаўніцтва інфраструктуры для 4G праз аўкцыён мабільным аператарам, як гэта зрабілі ўсе суседнія краіны, Аляксандр Лукашэнка аддаў гэтае права «Беларускім воблачным тэхналогіям» (брэнд BeCloud). 

На 51% гэтая фірмы належыць спецслужбе – Аператыўна-аналітычнаму цэнтру, які ў свой час кантраляваў Віктар Лукашэнка. Астатнія 49% аддалі структурам, якія былі звязаныя з расейскім гандляром зброі. 

У перыяд зараджэння BeCloud абяцаў укласці 400 мільёнаў долараў у развіццё інфраструктуры, але няма ніякіх доказаў, што сваё абяцанне ён стрымаў.

Зрэшты, партнёрства з замежнымі бізнесоўцамі нярэдка дорага абыходзіцца беларускаму бюджэту. У 2013 годзе Беларуськалій, каб скараціць выдаткі пры экспарце ўгнаенняў, купіў 30% літоўскай кампаніі БКТ, якая валодае тэрміналам у Клайпедзе. 

Але, як выявіла нашае расследаванне, уладальнік і дырэктар БКТ – літоўскія бізнесмены Ігар Удавіцкі і Відмантас Дамбраўскас – падвязалі да абслугоўвання перавозак беларускага калію шэраг сваіх фірмаў, якія аказвалі салігорскаму камбінату паслугі па цэнах, што перавышалі рынкавыя ў некалькі разоў. 

А агульны прыбытак гэтых фірмаў перавышаў прыбытак Беларуськалія. Пасля нашай публікацыі і спынення транзіту беларускіх угнаенняў праз Літву, БКТ прыпыніла дзейнасць і звольніла амаль усіх супрацоўнікаў, 

у тым ліку і Дамбраўскаса. 

Новым дырэктарам БКТ стаў Руслан Малінін. Раней ён узначальваў брытанскую кампанію Agrofertrans. Яе цяперашні ўладальнік – украінскі бізнесовец Аляксандр Скрыпка, звязаны праз беларускую фірму «Белаграферт» з Кіраўніцтвам справамі прэзідэнта (КСП). 

У іншым нашым расследаванні гэтага сезону мы паказалі як набліжаныя да кіраўніцтва КСП людзі ствараюць прыватныя кампаніі пад выглядам дзяржаўных.

У 2018 годзе Віктар Шэйман,

Крыніца: https://sputnik.by/ 

тагачасны кіраўнік КСП, увязаў пастаўкі беларускай тэхнікі ў Зімбабвэ з правам Беларусі здабываць у гэтай афрыканскай краіне карысныя выкапні. Так з'явілася горназдабываючая кампанія Zim GoldFields, канчатковымі бенефіцыярамі якой сталі бізнесмен Аляксандр Зінгман і Сяргей Шэйман, сын Віктара Шэймана.

Гэтая фірма атрымала некалькі спецыяльных грантаў і льготы на распрацоўку радовішчаў золата ў Зімбабвэ. Zim GoldFields наняла для правядзення работ беларускую кампанію «Белгеапошук», якая была звязаная з Кіраваннем справамі прэзідэнта.

Цяпер гэтай кампаніяй цалкам валодае «Глобалкастам-мэнэджмент». Гэтая лагістычная кампанія засвяцілася ў шэрых схемах пастаўкі «санкцыёнкі» ў Расею, рээкспарце кветак і многім іншым. Яе таксама звязваюць з Віктарам Шэйманам.

Як бачым, частка схемаў з удзелам алігархаў і ўладаў трансфармавалася.

Гэта значыць, што расследавальнікі працягнуць расказваць пра тых, хто спусташае бюджэт і гаманцы беларусаў.

Аўтар Аляксей Карпека, рэдактар Станіслаў Івашкевіч

Іншыя Расследаванні